Понедельник
29.04.2024
05:10
Наш опрос
Как вы проводите свое свободное время?
Всего ответов: 534
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Поиск
Календарь
«  Октябрь 2010  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Погода
GISMETEO: Погода по г.Столин
Архив записей
Ucoz
Объявления

STOLIN.UCOZ.RU

Главная » 2010 » Октябрь » 22 » Пратэстантызм на тэрыторыі Столінскага павета ў 1920-1930-я гг.
20:19
Пратэстантызм на тэрыторыі Столінскага павета ў 1920-1930-я гг.
Століншчына на працягу стагоддзяў з’яўлялася рэгіёнам, дзе традыцыйна распаўсюджвалася хрысціянства ўсходняга абраду. Рэфармацыя ХVI стагоддзя нязначна закранула гэтыя землі, таму прадстаўнікоў пратэстанцкіх цэркваў сярод мясцовых людзей не было.

Пасля ўваходжання ў склад ІІ Рэчы Паспалітай на тэрыторыі Століншчыны актыўна сталі распаўсюджвацца розныя пратэстанцкія накірункі хрысціянства. Пратэстантызм адрозніваўся сваім распаўсюджваннем на Століншчыне тым, што большасць пратэстантаў на гэтай тэрыторыі першапачаткова былі праваслаўнымі. Тут узніклі такія цэрквы, як Евангельскія хрысціяне-баптысты, Евангельскія хрысціяне царквы Божай, Евангельскія хрысціяне-пяцідзесятнікі, Адвентысты сёмага дня.

Пратэстантызм прыйшоў на Століншчыну з тэрыторыі Заходняй Украіны. У час знаходжання часткі зямель Заходняй Украіны ў складзе Аўстра-Венгрыі тут з’явілася вялікая колькасць немцаў-каланістаў, якія прынеслі з сабою і распаўсюджвалі розныя пратэстанцкія накірункі хрысціянства. І ў хуткім часе на тэрыторыі Заходняй Украіны з’явілася вялікая колькасць пратэстанцкіх абшчын.

Пасля падпісання Рыжскага міру землі Заходняй Беларусі і Украіны знаходзіліся ў складзе Польшчы, і ў выніку міграцыйных працэсаў пратэстанты з’явіліся на тэрыторыі Столінскага павета. Гэта былі выхадцы з заходнеукраінскіх зямель, а таксама жыхары Століншчыны, якія ездзілі на заробкі на Украіну і прынялі там хрышчэнне.

Адной з першых на тэрыторыі павета ўзніклі абшчыны царквы Евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Баптысты з’явіліся на тэрыторыі Столінскага павета ў 1922 годзе. Актыўным дзеячам баптыстаў быў Мікіта Вандзіч. Пад яго кіраўніцтвам былі закладзеныя першыя абшчыны баптыстаў у Столінскім павеце.

У 1922 годзе з’явіліся першыя абшчыны ў вёсках Манькавічы, Струга і Дубянец. Колькасць вернікаў у 1922 годзе ў Манькавічах была—39, Струзе — 14, Дубянцы — 6 чалавек.

Да канца 1920-х колькасць вернікаў у гэтых абшчынах павялічылася, з’явіліся новыя абшчыны.Так, ужо ў 1929 годзе ў Манькавічах пражывала 90 баптыстаў, у Струзе—57, Вікаравічах—19, Крушыне—12, Хотамелі—9, Варанях—14, Дубянцы—37, Магільным—4, Рублі—24. У 1924 годзе на тэрыторыі павета баптысты мелі два малітоўныя дамы: у Струзе і Манькавічах, а ў Дубянцы быў куплены дом, у якім вернікі збіраліся на малітву. У Варшаве на вул. Паўлоўскай, 34 знаходзілася цэнтральная сядзіба хрысціян-баптыстаў. Узначальваў яе пастар Баляслаў Гётцэ. Яму падпарадкоўваліся і баптысты Століншчыны.

У 1923 годзе на тэрыторыі Столінскага павета ўзніклі абшчыны Евангельскіх хрысціян-пяцідзесятнікаў. Выбітнымі прадстаўнікамі дадзенага накірунку на тэрыторыі Столінскага павета былі Пётр Савіч і Фёдар Максімовіч. Яны заклалі аснову будучых абшчын пяцідзесятнікаў на тэрыторыі павета.

У 1923 годзе Пётр Савіч заклаў абшчыну пяцідзесятнікаў у вёсцы Жардзец, якая першапачаткова налічвала 8 чалавек, у 1929 г. колькасць яе ўзрасла да 43 чалавек. Пяцідзесятнікі з’явіліся ў 1923 г.: у Будымлі—6 чалавек (1929 г.—26), на хут. Каменны Востраў—2 чалавекі (1929 г.—20), у 1927 г.: ў Белай Грыніцы—3 (1929 г.—10), у 1927 г.: ў Рэчыцы—2 (1929 г.—11).

Фёдар Максімовіч заклаў абшчыну пяцідзесятнікаў у Альшанах. У 1923 г. яна налічвала 11 чалавек (1929 г.—57 чал.). Пяцідзесятнікі ў 1923 г. з’явіліся ў Харомску—8 чал. (1929 г.—54); у Малешаве—1 чал. (1929 г.—20); у 1927 г.—у Сямігосцічах—2 чал. (1929 г.—11 чал.).

У канцы 1920-х гг. пяцідзесятнікі на Століншчыне купілі два дамы (у Альшанах і Жадцы), якія прыстасавалі пад дамы малітвы. Дадзеная плынь пратэстантызму з’яўлялася даволі маладой па свайму складу. Так, напрыклад, у Альшанах сярэдні ўзрост сярод пяцідзесятнікаў складаў у пач. 1930-х гг. ад 25 да 35 гадоў.

У 1923 г. на тэрыторыі павета ўзнікла абшчына Евангельскіх хрысціянаў царквы Божай на Мерлінскіх хутарах. У 1923 г. колькасць вернікаў дадзенай абшчыны складала 14 чал., у 1929 г. іх колькасць павялічылася да 36. Кіраўніком дадзенай абшчыны і яе заснавальнікам быў выхадзец з Заходняй Украіны Фёдар Украінец. Галоўная сядзіба царквы Божай знаходзілася ў калоніі Амелін (Ровенскі павет). Кіраўнікамі яе з’яўляліся выхадцы з Нямеччыны Густаў Нінкель і Густаў Бітнэр. Дарэчы, абшчына царквы Божай на Мерлінскіх хутарах была адной з нямногіх на тэрыторыі Зах. Беларусі. У 1920-х гг. на Мерлінскіх хутарах абшчына купіла хату і пераабсталявала яе пад дом малітвы. У 1930-х гг. на Мерлінскіх хутарах узнікла уніяцкая парафія і да канца 1930-х гг. большасць вернікаў царквы Божай перайшла ва уніяцтва ці ў праваслаўе, а сама абшчына знікла.

Адной з першых на тэрыторыі Столінскага павета і тэрыторыі сучаснай Беларусі ўзнікла абшчына Адвентыстаў сёмага дня ў Фядорах. Заснаваў яе Іоў Карычко ў 1926 г. У Фядорах яны зрабілі дом малітвы ў 1930 г. Адвентысты з Фядор мелі зносіны з цэнтральнай сядзібай адвентыстаў у Варшаве, якую ўзначальваў Тэадор Вілле.

У 1926 г. у Фядорах, Калодным, Нечатаве і Радчыцку пражывала 55 адвентыстаў. Да 1929 г. іх колькасць узрасла да 90 чалавек.

Такім чынам, калі ў 1921 г. на тэрыторыі павета былі лічаныя адзінкі пратэстантаў розных накірункаў, то ў 1922 г. іх колькасць узрасла да 59 чалавек, а ў 1929 г. налічвалася 649 чалавек—павялічылася ў 11 разоў.

Якія ж фактары спрыялі такому хуткаму росту пратэстантызму на Століншчыне?

Цэнтрамі пратэстантызму ў павеце станавіліся вёскі, дзе рэлігійная пропаведзь, якую вяла праваслаўная царква, была менш актыўнай па розных прычынах. Слабасць праваслаўных пазіцый тлумачылася:

- недахопам святароў;

- непадрыхтаванасцю многіх святароў да высокакваліфікаванага выканання сваіх абавязкаў;

- аддалёнасцю некаторых частак прваслаўных прыходаў ад цэнтра, як гэта было на Мерлінскіх хутарах і інш.

Адносіны мясцовага праваслаўнага насельніцтва да новааб’яўленых пратэстантаў былі розныя. Адна частка талерантна адносілася да іх, іншыя ставіліся да пратэстантаў нецярпіма.

Так, даволі часта многія мясцовыя жыхары пісалі даносы на сваіх аднавяскоўцаў-пратэстантаў, якія збіраліся на малітву. Негатыўнае стаўленне было да пратэстантаў і з боку праваслаўнага духавенства. Так, у 1933 г. у В. Бараноўскага з хутара Загор’е, які стаў баптыстам, памерла дачка. Ён хацеў пахаваць яе на могілках у в. Дубай, але праваслаўны святар з Дубая забараніў яму гэта зрабіць. В. Бараноўскаму прыйшлося звяртацца ў стараства Століна, каб там вырашылі яго справу.

Не вельмі талерантна адносіліся да пратэстантаў мясцовыя польскія ўлады. За кожным рухам пратэстанцкіх пастараў і прэсвітэраў пільна сачыла паліцыя, а кожны збор на супольную малітву простых вернікаў без дазволу на тое ўлад забараняўся і караўся. Напрыклад, у 1938 г. у в. Хотамель па даносе аднаго з жыхароў гэтай вёскі паліцыя аштрафавала Адама Нікончыка за тое, што ён без дазволу правёў супольную малітву мясцовых баптыстаў у сваім доме.

Трэба адзначыць, што разам з гэтымі пратэстанцкімі накірункамі на тэрыторыю павета трапляюць і іншыя ідэі. Гэта звязана з імем Ільі Ляшкевіча. Ён нарадзіўся ў в. Альпень ў сялянскай сям’і ў 1897 г., служыў у расійскім царскім войску. Ад нараджэння І. Ляшкевіч быў праваслаўным, а ў 1925 г. стаў баптыстам. У 1935 г. паехаў на Валынь з мэтай распаўсюджвання баптызму сярод мясцовага насельніцтва. Там змяніў свае погляды і вярнуўся ў праваслаўе. Пасля пайшоў у праваслаўны манастыр у Пачаеве. Восенню 1938 г. вярнуўся ў Альпень, дзе пачаў прапаведаваць, называючы сябе Св. Іллёй альбо Св. Апосталам. Хадзіў па суседніх вёсках, спяваючы песні і чытаючы малітвы на рускай мове. Мясцовыя жыхары лічылі яго не зусім здаровым і ўвагі на яго не звярталі. На некаторы час ім зацікавілася паліцыя і ўстанавіла за ім нагляд, але са шматлікіх данясенняў і пратаколаў было вырашана, што Ілья Ляшкевіч нездаровы псіхічна, а хвароба ягоная ўзнікла з прычыны празмернага захаплення рэлігіяй.

З’яўленне пратэстантызму на тэрыторыі Столінскага павета ў 1920-1930 гг. не здолела радыкальна паўплываць на канфесійную сітуацыю ў гэты час. У гэты перыяд была закладзена аснова пратэстанцкіх абшчын на Століншчыне, многія з іх пасля Другой сусветнай вайны зніклі, але найбольш буйныя абшчыны захаваліся. У сённяшні час большасць тых пратэстанцкіх абшчын адноўлена, а Століншчына з’яўляецца адным з цэнтраў пратэстантызму ў Беларусі.

Аляксандр КАРПОВІЧ. Столінскі раён.

На фота сучасны дом малітвы ў в. Альшаны Столінскага раёну

Источник:Рэха Берасцейшчыны - краязнаўчы сайт

Просмотров: 1128 | Добавил: legionnair | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: